Метадычнае аб'яднанне
Арганізацыя адукацыйнага працэсу ва ўмовах работы ў рознаўзроставай групе з беларускай мовай навучання і выхавання
Арганізацыя адукацыйнага працэсу ў рознаўзроставай групе мае пазітыўны ўплыў: хоць спалучэнне ў адной групе розных па ўзросту дзяцей ускладняе працу педагога, аднак у той жа час адкрывае перад ім шырокія магчымасці для арганізацыі зносін дзяцей рознага ўзросту.
Як сведчаць назіранні, малодшыя дзеці ў рознаўзроставай групе ахвотна прыслухоўваюцца да парадаў, заўваг, ацэнак старэйшых дзяцей, якія зроблены ў добразычлівай форме, добра ўспрымаюць іх справядлівае кіраўніцтва сумеснай дзейнасцю, і негатыўна рэагуюць на рэзкае і аўтарытарнае стаўленне. Пастаянныя зносіны малодшых дзяцей са старэйшымі фарміруюць сяброўскія адносіны, самастойнасць. Асаблівае значэнне набывае прыклад старэйшых для малодшых.
Выхавальніку трэба паклапаціцца, каб маляты былі не пасіўнымі назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі працэсу.
У рознаўзроставую групу могуць аб’ядноўвацца выхаванцы ва ўзросце ад 1 года да 7 гадоў. Напаўняльнасць рознаўзроставай групы не павінна перавышаць 12 выхаванцаў. Можа ўстанаўлівацца іншая напаўняльнасць групы пры наяўнасці аб’ектыўных абставін, захаванні санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў у частцы ўмоў размяшчэння і рэжыму адукацыйнага працэсу, у тым ліку норм плошчы на аднаго выхаванца ва ўсіх памяшканнях са знаходжаннем выхаванцаў.
У рознаўзроставых групах распарадак дня з’яўляецца адзіным для ўсіх выхаванцаў, але з улікам іх узроставых магчымасцей, здольнасцей і патрэб уносяцца некаторыя змены ў рэжымныя працэсы. З малодшымі выхаванцамі рэжымныя працэсы пачынаюцца на 10-15 хвілін раней (у іншым парадку адбываецца толькі пад’ём выхаванцаў пасля дзённага сну – першымі ўстаюць на 10-15 хвілін раней старэйшыя выхаванцы). Гэтыя рэжымныя моманты неабходны для таго, каб выхаванцы рознага ўзросту, аб’яднаныя ў адну групу, паслядоўна і паступова пераходзілі ад аднаго віду дзейнасці да другога.
Пры вызначэнні агульнага распарадку дня для выхаванцаў двух сумежных узростаў за аснову бярэцца распарадак дня выхаванцаў старэйшага ўзросту.
Арганізацыя жыццядзейнасці выхаванцаў ва ўмовах рознаўзроставай групы шмат у чым вызначаецца зладжанасцю працы выхавальніка дашкольнай адукацыі і памочніка выхавальніка, дакладным размеркаваннем абавязкаў паміж імі.
У арганізацыі навучання дзяцей рознаўзроставай групы вызначаюць дзве асноўныя формы: заняткі і гульня, асноўнай мэтай якіх з’яўляецца ўсебаковае выхаванне і развіццё кожнага дзіцяці, фарміраванне навучальных уменняў.
Спецыяльна арганізаваную дзейнасць у рознаўзроставай групе можна ажыццяўляць з прымяненнем наступных падыходаў да арганізацыі заняткаў:
паэтапны пачатак заняткаў: паслядоўнае ўключэнне выхаванцаў у дзейнасць (пачатак заняткаў з адной узроставай падгрупай (старшай) з наступным уключэннем выхаванцаў больш малодшай узроставай катэгорыі);
адначасовы пачатак заняткаў ва ўсіх узроставых падгрупах, паэтапнае завяршэнне заняткаў: паслядоўнае завяршэнне дзейнасці ў адпаведнасці з узроставымі магчымасцямі выхаванцаў;
правядзенне заняткаў з кожнай узроставай падгрупай выхаванцаў.
Прыярытэтнай формай спецыяльна арганізаванай дзейнасці выхаванцаў рознаўзроставай групы з’яўляюцца інтэграваныя заняткі, якія прадугледжваюць аб’яднанне і ўзаемадапаўненне зместу некалькіх адукацыйных галін вучэбных праграм, што дазваляе фарміраваць у выхаванцаў ранняга і дашкольнага ўзросту цэласную карціну пра аб’ект або з’яву навакольнага свету.
Гульня ў рознаўзроставай групе дазваляе дасягнуць значных вынікаў, паколькі стварае спрыяльныя ўмовы для ўзаемадзеяння педагога з дзецьмі і дзяцей паміж сабой.
Арганізацыя рэжымных момантаў: прагулка, мыццё рук, харчаванне, умыванне, апрананне і распраннанне, дзённы сон ва ўмовах рознаўзроставай групы патрабуе вялікага майстэрства выхавальніка, выразнасці і зладжанасці работы ўсяго персаналу, які абслугоўвае дзяцей, стварэнне спакойнага і добразычлівага становішча, уважлівых адносін дарослых да ўсіх дзяцей, асабліва малодшых. Усё гэта важна таму, што за невялікі час, які па рэжыму адводзіцца для правядзення гэтых жыццёва важных працэсаў, неабходна не толькі правільна і хутка абслужыць дзяцей, накарміць, апрануць, але і, ў адпаведнасці з праграмнымі патрабаваннямі, забаспечыць фарміраванне неабходных для дзяцей кожнага ўзросту культурна-гігіенічных навыкаў. У працэсе штодзённай дзейнасці ў дзяцей належыць выхоўваць звычкі правільных паводзін у калектыве, сяброўскія ўзаемаадносіны.
Такім чынам, перавагай рознаўзроставых зносін з’яўляецца:
- Дзеці часцей лічацца з жаданнямі малодшых пры выбары сумесных
заняткаў і дэманструюць шырокую разнастайнасць шляхоў узаемадзеяння.
- Малодшыя бачаць больш зразумелы для іх прыклад для дзеянняў.
- Для старэйшых тлумачэнне другому дзіцяці дапамагае лепш засвоіць веды.
- Кантроль над маленькімі развівае самакантроль, адказнасць і адчуванне прыналежнасці да дзейнасці ў камандзе.
Важна памятаць!Патрэбна заўсёды саблюдаць правіла:
- Рэжымныя працэсы трэба пачынаць праводзіць спачатку з малодшымі дзецьмі, паступова падключаючы больш старэйшых (у іншым парадку адбываецца толькі пад’ём дзяцей пасля дзённага сну).
- Калі выхавальнік кіруе большасцю групы, памочнік выхавальніка знаходзіцца з меншасцю.
Усё гэта стварае ўмовы для таго, каб дзеці рознага ўзросту, у правільнай паслядоўнасці і паступовасці пераходзілі ад аднаго віда дзейнасці да другога, напрыклад, не гублялі час на чаканне чаргі пры ўмыванні.
Нідзе няма больш багатых магчымасцяў для здзяйснення такой сістэмы выхавання як у рознаўзроставай групе. У сумесным выхаванні дзяцей рознага ўзросту ёсць шмат станоўчага. Пастаянныя зносіны малодшых дзяцей са старэйшымі, ствараюць спрыяльныя ўмовы для фарміравання сяброўскіх адносін, клапатлівасці, самастойнасці. Тут старэйшыя дапамагаюць малодшым апранацца, распавядаюць ім казкі, бароняць ад крыўдніка, такім чынам, клапацяцца аб іх. Асаблівае значэнне набывае прыклад старэйшых для малят. Яны пастанна пераймаюць усе станоўчыя якасці старэйшых.
Малодшыя дзеці навучаюцца навыкам значна хутчэй, а старэйшыя растуць чулымі, добразычлівымі і спагадлівымі.
Маляты трапляюць ва ўжо арганізаваны калектыў, лягчэй падпарадкоўваюцца яго правілам, пераймаючы ва ўсім старэйшым дзецям.
Гэта і з’яўляецца вынікам штодзённай і карпатлівай працы выхавальнікаў, правільнай арганізацыі жыццядзейнасці дзяцей.
Рацыянальная арганізацыя выхаваўча-адукацыйнага працэсу ў рознаўзроставай групе ва многім залежыць ад выразна ўзгодненай і наладжанай працы супрацоўнікаў групы, выхавальнікаў і памочніка выхавальніка.
Адукацыйная дзейнасць, якая здзяйсняецца ў форме сумеснай дзейнасці педагога з дзецьмі ў рэжымных момантах, праводзіцца на працягу ўсяго часу знаходжання дзяцей у дзіцячым садзе па ўсім напрамкам развіцця.
Раніца – гэта спакойны рэжымны момант. Асноўная задача педагагічнай работы ў ранішні адрэзак часу складаецца з таго, каб уключыць дзяцей у агульны рытм жыцця дзіцячага сада, стварыць у іх бадзёры, жыццярадасны настрой. Ранішні прыём – найбольш спрыяльны час для індывідуальных зносін выхавальніка з кожным дзіцем. У гэтыя часы плануецца адукацыйная дзейнасць па напрамкам развіцця. У час ранішняга прыёму выхавальнік звяртае ўвагу на знешні выгляд дзяцей, выхоўвае ў дзяцей культуру зносін, сочыць, каб усе дзеці знайшлі сабе цікавую дзейнасць, не хаділі без справы і не перашкаджалі іншым. У ранішнія адрэзкі неабходна планаваць толькі знаёмыя для дзяцей віды дзейнасці па адукацыйным галінам.
Правядзенне ранішняй гімнастыкі. Планаваць ранішнюю гімнастыку можна для ўсёй групы. У гэтым выпадку трэба абавязкова ўлічваць розныя патрабаванні да якасці, тэмпу, працягласці практыкаванняў. Гімнастыка з дзецьмі трох – чатырох гадоў часцей за ўсё носіць гульнявы характар, і многія практыкаванні будуюцца на перайманні дзейнняў розных персанажаў. Звычайна малодшыя дзеці выконваюць практыкаванні меншую колькасць разоў, чым іх старэйшыя таварышы. Ад старэйшых патрабуецца больш дакладнае і якаснае выкананне рухаў.
Для таго, каб старэйшыя дзеці маглі выконваць практыкаванні большую колькасць разоў, ім прапануецца адным пачаць практыкаванне і паказаць малятам, як правільна яно выконваецца. Затым гэта ж практыкаванне яны выконваюць з малятамі. У час выканання практыкаванняў старэйшымі, маленькія дзеці назіраюць і адпачываюць.
Арганізацыя ўмывання адзін з важных момантаў у рэжыме, які спрыяе прывіццю ўстойлівых гігіенічных навыкаў, развіццю самастойнасці, выхаванню ўзаемадапамогі. Ён праводзіцца дыферэнцыявана. Аднак дзеці павінны засвоіць агульныя для ўсіх правілы:
- заходзіць у ўмывальны пакой паступова;
- у першую чаргу мыюць рукі маляты, старэйшыя дапамагаюць ім і вучаць;
- не затрымлівацца каля ракавіны: астатнія дзеці чакаюць чаргі;
- мыць рукі, падкасаўшы рукавы, не наліваць ваду на падлогу.
Пры арганізацыі харчавання патрабуеццы выконваць наступныя правілы:
- усё неабходнае для арганізацыі харчавання падрыхтоўваць да таго моманту, калі дзеці пачынаюць мыць рукі.
- рассаджванне за стол праводзіць паступова, пачынаючы з малодшых дзяцей і тых, якія ядуць павольна.
- ежу для малодшых дзяцей падрыхтоўваць загадзя.
Арганізацыя апранання. У рознаўзроставых групах увага выхавальнікаў і памочніка выхавальніка звяртаецца ў першую чаргу на меншых дзяцей: іх прывучаюць распранацца ў пэўнай паслядоўнасці, без лішняй мітусні, паспешлівасці. Выхавальнік сам практыкуе малодшых дзяцей у навыках правільнага і паслядоўнага апранання, праводзячы ў гэтым дачыненні мэтанакіраваную работу. Дапамагаць малятам ён запрашае старэйшых дзяцей.
Арганізацыя прагулкі. На прагулцы выхавальнік клапоціцца аб тым, каб усе дзеці былі занятыя, цікава гулялі са сваімі аднагодкамі і са старэйшымі дзецьмі, працавалі, назіралі за з’явамі навакольнага жыцця і г.д., стварае ўмовы для разнастайнай рухавай актыўнасці дзяцей усіх узроставых падгруп. Пры гэтым важна:
- сачыць за фізічнымі нагрузкамі, чаргаваць гульні і заняткі рознай ступені рухомасці, не дапушчаць, каб маляты пераймалі шкодныя і цяжкія для іх рухі (віселі на руках, залазілі на высокія лесвіцы);
- рухомыя гульні з малодшымі дзецьмі праводзяцца у сярэдзіне прагулкі, а са старэйшымі адразу пасля выхаду на ўчастак ці ў канцы прагулкі.
У залежнасці ад мэты і фізічных нагрузак, рухомыя гульні могуць праводзіцца з усімі дзецьмі і асобна з адной падгрупай. Перавагу варта аддаваць гульням з двума ці адной падгрупай, так як у гэтым выпадку лягчэй улічваць розныя магчымасці дзяцей. Важна, каб некалькі разоў на працягу тыдня планаваліся і асобна праводзіліся рухомыя гульні з самымі старэйшымі дзецьмі, так як пры сумеснай арганізацыі гульняў фізічная нагрузка ў старэйшых дзяцей апынаецца недастатковай.
На адной прагулцы няма неабходнасці планаваць усе формы работы, але ў той жа час ёсць віды дзейнасці, якія патрабуюць штодзённай увагі: назіранні, рухомыя гульні, гульнявыя практыкаванні на замацаванне асноўных відаў рухаў. Астатнія формы работы з дзецьмі можна планаваць перыядычна.
Арганізацыя дзённага сну. У рэжыме рознаўзроставай групы працягласць дзённага сну малодшых дзяцей скарочана ў параўнанні са звычайнымі аднаўзроставымі групамі, таму асабліва важна стварыць спрыяльныя ўмовы для хуткага засыпання і спакойнага сну дзяцей малодшай падгрупы. Іх трэба першымі падрыхтоўваць і ўкладваць спаць. Падымаць дзяцей неабходна ў зваротным парадку.
Важна помніць!
- Дзеці лепш наладжваюцца на сон, калі ў час падрыхтоўкі да яго ў групе ствараецца спакоўнае становішча (дзяцей прывучаюць спакойна здзяйсняць паабедні туалет, распранацца і акуратна складваць адзенне, не бегаць, не гаварыць громка).
- Выконваць цішыню – абавязкова для абслугоўваючага персаналу (варта прадумаць, калі і дзе мыць посуд, як спалучыць сон дзяцей і прыбіранне групы пасля абеду. Як забяспечыць назіранне за соннымі дзецьмі).
Неабходна помніць, што скарачэнне ці падоўжанне дзённага сну шкодна для здароўя дзіцяці, дэзарганізуе жыццё групы, стварае дадатковыя цяжкасці пры правядзенні выхаваўчай работы ў вячэрні час.
Арганізацыя сумеснай і самастойнай дзейнасці дзяцей у другой палове дня.
Пры планаванні другой паловы дня важнае месца займае разнастайная гульнявая, працоўная, тэатралізаваная дзейнасць, а таксама ўспрыманне мастацкай літаратуры і фальклора. Гэты адрэзак часу мяркуе больш спакойную дзейнасць. Неабходна ўлічваць усе папярэднія віды дзейнасці на працягу дня і не перагружаць план аднастайнымі формамі работы з дзецьмі. Выхавальнік павінен спалучаць арганізацыю самастойнай дзейнасці рознага ўзросту (гульні, праца і г.д.) з правядзеннем сумесных заняткаў.
Важна надаць увагу арганізацыі самастойнай дзейнасці і фарміраванню станоўчых адносін паміж дзецьмі рознага ўзросту, бачыць розныя зацікаўленні і магчымасці дзяцей, узбагачаць і ўдакладняць іх уяўленні, развіваць уменні. Такім чынам арганізоўваць жыццё дзяцей ва ўмовах рознаўзроставай групы дзіцячага сада так, каб зрабіць яе спакойнай і яркай, змястоўнай і цікавай, цесна ўзгадніўшы штодзённае жыццё з навучаннем, гульнёй, працай – найважная задача выхавальніка. А ўмелае выкарыстанне ўсіх станоўчых бакоў сумеснага выхавання дзяцей рознага ўзросту, будзе садзейнічаць фарміраванню ў калектыве правільных узаемаадносін, цікавасць дзяцей да сумесных гульняў, агульных заняткаў, калектыўнай працоўнай дзейнасці.
Але ўсё гэта не адбываецца само сабою, а з’яўляецца вынікам штодзённай і карпатлівай работы педагога, правільнай арганізацыі жыцця і самастойнай дзейнасці дзяцей.
Арганізуючы жыццё дзяцей, іх разнастайную актыўную дзейнасць, выхавальнік павінен клапаціцца пра ахову і ўмацаванне здароўя кожнага дзіцяці, яго паўнавартым фізічным развіцці, аб стварэнні бадзёрага, жыццярадаснага настрою.
Канспект інтэграванага занятка "Падарожжа ў лес"
Мэта: фарміраванне слоўніка дзяцей на аснове ўяўленняў аб жывой прыродзе.
Праграмныя задачы:
- фарміраваць уменне ўтвараць прыметнікі ад назоўнікаў (назвы жывёл) у вінавальным склоне множнага ліку;
- развіваць мову дзяцей сродкамі выкарыстання твораў мастацкай літаратуры і фальклору;
- развіваць сілу голасу; развіваць дробную маторыку пальцаў рук;
- выхоўваць клапатлівыя адносіны да жывых істот.
Матэрыял і абсталяванне: мультымедыйная сістэма, прэзентацыя; ёлкі, сумёты, цацкі-падарункі, цацкі жывёл, настольныя фігуры зайцаў з кардону; пластылін, цыраты, сурвэткі, посуд для вырабаў.
Пачатак занятка.
1. Арганізацыя выхаванцаў, гульнявое практыкаванне “Збіраемся ў лес”.
Мэта: спрыяць заахвочванню да здзяйснення падарожжа.
Абуваем боты, валёнкі і галёшы,
Пойдзем усе разам –
Надзя, Пеці, Леша.
Апранаем шапкі, шубы, рукавіцы,
Снег такі прыгожы:
Зіхаціць, іскрыцца.
- Прагаворванне хуткагаворкі.
Мэта: развіваць уменне вымаўляць зычны гук [с], змяняць сілу голаса.
Скрып-скрып, скрып-скрып,
Снег ад холаду ахрып.
Скрып-скрып, скрып-скрып,
У яго, напэўна, грып. (В. Вітка)
3. Выкарыстанне лічылкі.
Мэта: развіваць маўленне пасродкам твора фальклору для вызначэння чаргі гуляючага.
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Трэба вушкі нам пазнаць
Ты, сябрук, давай-давай,
Чые вушкі, называй.
4. Дыдактычная гульня «Чые вушкі?»
Мэта: фарміраваць уменне ўтвараць прыметнікі ад назоўнікаў (назвы жывёл) у вінавальным склоне множнага ліку.
Пытанні да дзяцей.
Як ты думаеш, хто схаваўся за сумётам? (воўк, ліса, вавёрка, мядзведзь, заяц)
Чые вушы ты бачыш (ці не бачыш)? (воўчЫЯ ці ваўчыНЫЯ, лісіНЫЯ, вавёрчЫНЫ, мядзвеЖЫЯ, заЕЧЫЯ ці заЯЧЫЯ)
5. Фізкультхвілінка «Заячыя зарадка»
Мэта: развіваць увагу, зняць стомленасць і напружанне.
Дзяўчынкі ды і хлопчыкі,
Уявіце, што вы зайчыкі!
Раз, два, тры, чатыры, пяць –
Пачаў заінька скакаць.
Лапкі ўверх і лапкі ўніз,
На дыбачках падцягніся.
Улева-управа нахіліся,
Нахіліся й падыміся.
Зайке холадна сядзець,
Трэба лапачкі сагрэць.
Зайке холадна стаяць,
Трэба зайке паскакаць.
Дзяўчынкі ды і хлопчыкі,
Уявіце, што вы зайчыкі.
Зайку нехта напужаў.
Зайка скок – і ўцёк!
6. Расказванне верша «На палянцы бачу зайку…»
Мэта: развіваць мову дзяцей пасродкам вершаванага твора; матываваць выкананне вырабаў з пластыліну.
На палянцы бачу зайку,
Зняў ён шэрую фуфайку.
Выпаў беленькі сняжок.
Змяніў зайка кажушок.
Скок на градку, - а там пуста!
Не расце цяпер капуста!
7. Лепка на тэму «Пачастункі для зайцаў»
Мэта: выхоўваць клапатлівыя адносіны да жывых істот.
8. Разглядванне і аналіз работ.
Мэта: развіваць уменне аналізаваць работы і будаваць выказванні на беларускай мове.
Вынік занятка.
В. Сёння мы з вамі не проста здзейснілі падарожжа ў лес, але зрабілі карысную справу як для лясных жыхароў, так і для сябе. Мы практыкаваліся ў правільным вымаўленні слоў і асобных гукаў, а яшчэ прагаворвалі вершаваныя радкі і выказваліся на роднай беларускай мове.
|